Здымкі кліпа на Калыханку. Восень 2007 году. Варшава. Здымала тая ж самая фірма Totamto. Было зроблена ня так як хацелася, але тут мы былі больш настойлівыя, таму асноўныя ідэі кліпа атрымалася адваяваць. Да гонару польскага боку трэба аднесьці некаторыя фішкі, якія апынуліся ў кліпе пры мантажы. Постпрадакшн кліпа рабілі ў Bridgend studio ў Магілёве.
Ў лістападзе 2007 мне патэлефанавала знаёмая Вэроніка з БелСату й спытала, ці ёсьць у нас калядныя песьні. Я адказаў, што ў групы нашага напрамку кожная песьня па-свойму калядная. Яна гэта таксама зразумела па-свойму, сказала "выдатна" й паведаміла, што трэба будзе прыехаць празь дзён, здаецца, 10 з гатовай фанаграмай - здымацца для каляднага канцэрту. Названая была сума ганарару й мы падумалі, што як раз хацелі купіць басовы ўзмацняльнік.
Я папрасіў Ігара, нашага мінулага басыста, каб ён знайшоў якую-небудзь сымпатычную народную калядную песьню. Ігар вучыўся ў кансэрваторыі, яму гэта было прасьцей. На рэпэтыцыю, пасьля якой мы мусілі адправіцца ў студыю, Ігар прынёс здаравенную кніжку "Беларускія народныя калядныя песьні". Выбраць адтуль штосьці было нерэальна.
Ігар маркотна сядзеў на мейсцы Арама, які быў у Менску, і гартаў кніжку, я маркотна стаяў каля мікрафона, Kolxz маркотна сядзеў з гітарай і граў нешта. Нешта... Нешта... А я ўзгадваў відэа з канцэрту Алісы 87 ці 88 году, дзе перад вялізнай аўдыторыяй неадэкватны Кінчаў стаяў і паўтараў адно слова: "Аліса, Аліса...". І я зпарадыраваў яго пад музыку, якую наігрываў Кол, толькі словам "Каляда". І зразумеў як трэба.
Узяў у Ігара кніжку, раскрыў яе ў выпадковым мейсцы й адгартаў пару старонак, да першага боль-менш прыстойнага па памеры тэкста, бо звычайны народны тэкст - 4 радкі. Мы сьпелі ўсё зь першага разу. Як прыкол. Я сьцябаўся, усе сьмяяліся, але песьня атрымлівалася, лёгкая, паветраная. Яна лілася сама сабой.
Песьню запісалі, перад здымкамі доўга-доўга дубасілі, каб мець па-каляднаму сьвяточны настрой і чырвоныя вочы. Здымкі прайшлі менавіта так як трэба - у тумане й палёце.
Для "Тузіна Гітоў" песьня была перааранжыраваная. Цяпер яна гучыць
так.